26.11.2017

НАРОДНАЕ ВУЧЫЛІШЧА І ЦАРКОЎНАПРЫХОДСКАЯ ШКОЛА Ў КРЭВЕ


У сярэдзіне ХІХ ст. па ўсёй Расійскай імперыі пашыраецца сетка свецкіх пачатковых школ, у якіх прадугледжвалася выкладанне толькі самых элементарных ведаў: рускай і царкоўнаславянскай граматы, арыфметыкі, догматаў праваслаўя і царкоўных спеваў.

Вось і ў Крэве ў 1846 годзе было заснавана народнае вучылішча. На час яго адкрыцця тут налічвалася 70 вучняў і працавала двое выкладчыкаў. Матэрыяльная база вучылішча была сціплай: у бібліятэцы мелася ўсяго толькі 69 кніг і 35 пропісяў. Вучылішча размяшчалася ў грамадскім будынку і ўтрымлівалася на сродкі мясцовых жыхароў.

Нягледзячы ні на матэрыяльныя цяжкасці, ні на палітычныя погляды чыноўнікаў-русіфікатараў, настаўнікі ў тыя часы сумленна выконвалі свае прамыя абавязкі - неслі вучням разумнае, добрае, вечнае. У розныя часы ў Крэўскім народным вучылішчы працавалі Іван Чабан, Уладзімір Вайцяховіч, Іван Гайко, Дзмітрый Траскоўскі, Фама Голуб, Іван Сіротка. Вядома, што ўсе яны былі выпускнікамі Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Іван Сіротка, які нейкі час з’яўляўся дырэктарам вучылішча, апублікаваў у “Віленскім календары” на 1893 год краязнаўчы нарыс пра Крэва. Выкладчыкам Закона Божага быў у вучылішчы яшчэ адзін папулярызатар крэўскай даўніны - святар Дамецій Канстанцінавіч Плаўскі.

У 1886-87 навучальным годзе ў вучылішчы займаліся 50 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі. У 1900-ым тут было ўжо 103 хлопчыкі і 8 дзяўчынак, а з гадамі колькасць навучэнцаў расла яшчэ больш.

Народнае вучылішча працавала ў Крэве да I сусветнай вайны. Акунуцца ў атмасферу, якая там панавала ў пачатку XX стагоддзя, нам дапамагаюць успаміны яго былога навучэнцы Пятра Грынкевіча.

Будынак вучылішча стаяў на вуліцы Багданаўскай, на тым самым месцы, дзе пазней, пры Польшчы, была гмінная ўправа, а пасля II сусветнай вайны нейкі час тулілася амбулаторыя. Усе чатыры класы размяшчаліся ў адным вялікім пакоі. За доўгімі партамі сядзелі па 6-8 чалавек. На паўтары сотні вучняў было ўсяго двое настаўнікаў. Адзін з іх, па прозвішчу Верамей, быў адначасова дырэктарам. Ён выкладаў у 3 і 4 класах. У 1 і 2 класах урокі вяла маладая настаўніца па прозвішчу Казак. Акрамя іх, на Закон Божы прыходзілі праваслаўны святар Цяжалоў, ксяндзы Радкевіч і Асціловіч.


Апроч крэўскіх, у вучылішчы займаліся дзеці з навакольных вёсак, нават такіх аддаленых, як Копцевічы. Па ўзросце вучні былі рознымі, некаторыя мелі па 17-19 гадоў. Колькасць дзяўчынак сярод навучэнцаў не дасягала нават дзесяці чалавек. Гэта былі каталічкі. А для дзяўчынак з праваслаўных сем’яў прызначалася царкоўнапрыходская школа, адчыненая ў 1889 годзе пры Свята-Аляксандра-Неўскай царкве. У ёй заняткі праводзілі святар Дамецій Плаўскі, яго дачка і жонка, а пазней - настаўніца па прозвішчу Пакладок, дачка начальніка пошты. Па дадзеных 1898 года, у крэўскай царкоўнапрыходскай школе налічвалася 40 вучаніц.

Нягледзячы на складаныя ўмовы, дырэктару народнага вучылішча ўдавалася падтрымліваць у гэтай навучальнай установе парадак і дысцыпліну. Тут панавалі строгія норавы, нядбайных вучняў сурова каралі.

Акрамя вучобы, вялікая ўвага надавалася тут і працоўнаму навучанню. Вучылішча мела свой сад, кветнік, агарод, пчальнік. Тэрыторыя ля вучылішча заўсёды была дагледжанай. Усю працу выконвалі вучні пад кіраўніцтвам настаўнікаў.

У канцы чацвёртага года навучання праводзіліся экзамены. На іх прыязджала камісія з Ашмянаў і са Смаргоні. Вучні, якія паспяхова спраўляліся з іспытамі, маглі працягваць вучобу ў гарадскіх вышэйшых пачатковых вучылішчах альбо ў Барунскай двухкласнай школе, з якой можна было паступіць у Маладзечанскую ці іншую настаўніцкую семінарыю. Некаторыя ішлі працаваць пісарамі ў валасную ўправу альбо на пошту.

У 1913 годзе на месца Верамея прыйшоў новы дырэктар па прозвішчу Конанаў. Гэты чалавек меў іншы падыход да дзяцей: яго ўжо не баяліся, а любілі і паважалі. У вучылішчы пачалі працаваць хор, гурткі. Конанаў дамогся ад валаснога кіраўніцтва, каб для вучылішча былі вылучаны яшчэ два пакоі, у якія перавялі 1 і 2 класы. У планах новага дырэктара было павысіць статус Крэўскага народнага вучылішча і прадоўжыць навучанне ў ім яшчэ на 2 гады. Але вайна з Германіяй не дала ажыццявіць гэтыя задумы.

Комментариев нет:

Отправить комментарий